РЭКРУ́ЦКАЯ ПАВІ́ННАСЦЬ,

сістэма камплектавання рас. рэгулярнага войска ў 18—19 ст. Пачаткам пераходу да Р.п. з’явіліся змены ў складзе і парадку набору датачных людзей (1699); канчаткова ўведзена ў 1705. Рэкрутаў набіралі прымусова з усіх падатных саслоўяў (сялян, мяшчан і інш.). Пазней ад Р.п. былі вызвалены купцы, царк. служкі, ганаровыя грамадзяне і інш. Напачатку рэкруты служылі пажыццёва, з 1793—25 гадоў, з 1834—20, у 1855—72—12, 10 і 7 гадоў. Узрост рэкрутаў складаў (у розныя гіст. перыяды) ад 17 да 35 гадоў (у 1726—66 — «усякага ўзросту»). Да 1724 бралі 1 рэкрута з 20 двароў, потым 5 і больш з 1000 рэвізскіх душ. У 1874 Р.п. заменена ўсеагульнай воінскай павіннасцю.

М.​М.​Субоцін.

т. 13, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)